Читать «Знак бяды» онлайн - страница 90

Васіль Быкаў

Яна думала ў той дзень, што не застане старшыню ў сельсавеце, што, мабыць, прыйдзецца даганяць камісію дзе ў вёсцы, і дужа падзівілася, калі, адчыніўшы дзверы доўгае, як абора, псаломшчыкавай хаты, убачыла ўсіх на месцы. Прымоўклы сядзеў за сталом Лявон і насупраць — каржакаваты мужык у чорным паўкажушку, яго сусед Карніла, якога таксама выбралі ў камісію па абагульванні, адвярнуўшыся да акна, стаяў у сваім доўгім ваенным шынялі Вася Ганчарык. Было дужа накурана і сцюдзёна, і панаваў нейкі спалох ці клопат, які адразу адчула Сцепаніда. Яна стрымана павіталася:

— Дзень добры.

— Чорта ён добры, — сказаў Лявон, павёўшы на яе адным вокам. — Паганы дзень.

Сцепаніда не зразумела.

— А што? Надвор'ечка добрае.

— Аж занадта добрае. Ранняя вясна бярэцца. Але… На во прачытай.

Ён падаў ёй невялічкі, добра пакамечаны ўжо аркушык раённай газеты «Чырвоны араты». Не разумеючы яшчэ — што, яна з натугай пачала чытаць рассыпаныя па старонцы загалоўкі: «Вышэй сцяг індустрыялізацыі!», «На новыя рэйкі!», «План вывазкі дзелавой драўніны пад пагрозай зрыву». На другім баку быў невялічкі малюнак: чырвонаармеец, шырока расставіўшы ногі, пратыкае штыком тоўстага брухатага буржуя з ашчэранымі зубамі.

— Не туды глядзіш, — сказаў Карніла. — Во, у рагу.

Сапраўды, у самым ражку газеціны не дужа вялікімі літарамі значыўся загаловачак: «У Слабадскіх Выселках патураюць класаваму ворагу — кулаку». Сцепаніда ўпілася вачмі ў дробненькія літары заметкі і, трохі шавелячы вуснамі, пачала чытаць. У заметцы пісалася, што ў той час, як скрозь па краіне ідзе вострая барацьба з кулаком як з класавым ворагам, у Выселках гэту барацьбу ігнаруюць і раскулачылі толькі аднаго ворага, які меў наёмную сілу, — Івана Гужова. А наёмную сілу мелі яшчэ наступныя гаспадары: Багацька Карніла, які два леты наймаў бяднячку Каландзёнак Прузыну жаць збожжа, Прахорыха, што тры гады запар наймае араць, жаць і сеяць, Багацька Ўладзімір, які наймаў малаціць. Усё гэта могуць пацвердзіць сведкі. «Ніякай літасці класаваму ворагу!» — такім заклікам канчалася тая заметка. Падпісана яна была загадкава — проста: селькор.

Сцепаніда зразумела, што было ад чаго апанурыцца гэтым мужчынам, асабліва Карнілу, ды і старшыні Лявону. Ёй таксама зрабілася страшнавата, яна нават хацела яшчэ раз прачытаць, каб упэўніцца, што ўсё зразумела правільна, але Карніла ўзяў у яе газету.

— Ну, бачыла? Гэта я класавы вораг?

— А я патураю, — з'едліва сказаў Лявон.

Сцепаніда прысела на лаву, нечага яна не магла даўмецца, хоць напісанае ў газеце было праўдай, але ж… Куды яна вяла, тая праўда заметкі, пра тое страшна было падумаць.

— І хто б гэта быў, свалата? — двума пальцамі скалечанай рукі стукнуў па стале Лявон.

— А я вам скажу — хто! Ягоная работа! — знервавана сказаў Карніла і ўстаў ад стала. Ля акна павярнуўся Ганчарык, ладны ў сваёй чырвонаармейскай форме, паверх якой вісела на баку цяжкая кабура з наганам — красамоўная адзнака яго новай міліцэйскай службы.