Читать «Знак бяды» онлайн - страница 89

Васіль Быкаў

— Памажы, Божа, не адступіся ад рабоў тваіх, — прабубніў ён, хрысцячы спатнелы, спакутаваны за гэтыя дні твар. Яна таксама перахрысцілася, падумаўшы: а мо і праўда паможа? Адвядзе праклён ад гэтай клятай людзьмі і Богам зямлі.

Крыж пастаяў вясну і лета — на самай выспе над лесам і ровам, воддаль ад дарогі. Кожны, хто ехаў ці ішоў гасцінцам, пазіраў на гэты знак чалавечай бяды, але мала хто ведаў, якая была то бяда. Тады ж нехта з высялкоўцаў назваў гэты пагорак Галгофай, ды так і пайшло: Галгофа ці гара Галгофа, а то яшчэ Петракова Галгофа. Так звалі і пасля, як местачковыя камсамольцы Капылоў Жэнька, Меерсон і малодшы Хвасько ўвосень павалілі крыж. Неяк завіталі на хутар, папрасілі пілу, Пятрок даў, а Сцепаніда яшчэ пачаставала іх квасам — якраз настаяўся, добры быў квас, — хлопцы пажартавалі, напіліся і пайшлі. Яна думала, што тыя мелі патрэбу ў лесе ці рове, а яны завярнулі па мяжы на выспу і за якіх дзесяць хвілін спілавалі крыж. А пасля, як прынеслі пілу, яшчэ прачыталі ім натацыю пра шкоду рэлігійных забабонаў. Пятрок спахмурнеў, угнуў галаву і не спрачаўся, а Сцепаніда тады пасварылася з імі. Вясной, як яны з Петраком гаравалі на той Галгофе, тады ніхто не бачыў, каб памагчы, а цяпер, як вырас нейкі ячмень, бач, ім крыж вочы коле. Але што ім яе сварка, яны пагагаталі сабе з яе цемнаты і пайшлі.

А назва гары засталася, і, мабыць, яшчэ доўга будзе так звацца гэты нязладны для хлебаробства пагорак, асвенчаны іх слязьмі і працай, іх і людскімі пакутамі.

15

Мабыць, зіма паварочвала на вясну — мінулі завеі, удзень пацяплела, на падворку добра падтайвала, а ўначы браўся ладны марозік, аж патрэсквала ў вуглах. Ранак усчынаўся шырокай, разлітай на паўнеба пунсовасцю, з-за лесу ў марознай смузе ўскочвалася чырвонае кола сонца, набірала сілы, яснела, і неўзабаве даўжэзныя сінія цені ад дрэў, пагоркаў, слупоў выцягваліся цераз усё поле з аселым пасля адлігаў, хрупасткім снегам. Марозная далячынь мроілася шараватаю просінню лесу, размытай стракатасцю пералескаў, кустоўя, трыснягоў, балацявін, а поруч усё ярка ззяла, бялела да рэзі ў вачах. Было па-святочнаму ціха і прыгожа.

Сцепаніда, аднак, мала любавалася прыгажосцю пагоднага ранку, мо нават і не прыкмячала яго — яна прыпазнілася каля печы, не ўправілася са скацінай, сказала Петраку, што дарабіць — напаіць авечак, замяшаць курам, — а сама пабегла цераз поле ў Выселкі.

Мякка бегла па ледзяной дарожцы ў старых лапленых валёнках і думала, што вернецца цяпер хіба ўпоцемку — была самая гарачка з калгасам, які ўсё ж сарганізавалі тыдзень назад. Сядзелі да ранку, але ўсё ж дамагліся — большая палавіна Выселак пагадзілася ўступіць. Мабыць, Новік праўду казаў: раскулачыш аднаго — іншыя задумаюцца. Задумаліся, памеркавалі і пагадзіліся. Цяпер тры дні запар камісія па абагульванні хадзіла па дварах, апісвала насенне, інвентар, коней, збрую. Звычайна Сцепаніда прыбягала ранічкай у сельсавет, і адтуль іх чатыры чалавекі ішлі па вёсцы, нікога не мінаючы, у кожны двор — праз жаночы плач, страхавіта-заклапочаныя позіркі старых, напружана-прымоўклую дзіцячую ўвагу — бралі ўсё на ўлік. Было трудна, але было трэба.