Читать «Знак бяды» онлайн - страница 88

Васіль Быкаў

Яна, памятае, трохі нават заплакала тады, уявіўшы сабе сялянскую долю без коніка. Пятрок прыпыніў працу, знямогла абапёрся аб рыдлёўку.

— Што ж рабіць? Жыць жа нада. Як-небудзь…

Чатыры дні ад цямна да цямна яны ў дзве рыдлёўкі адольвалі той глей і ўсё ж неяк адолелі яго. Праўда, абое засталіся без сілы, знемаглі дашчэнту, але неяк усё ж ускалупалі, хоць і мелка, мясцінамі толькі падрапалі зверху рыдлёўкамі. Рабілі ўсе дні моўчкі, часам толькі пераводзячы дых з рыдлёўкамі ў руках. Пасля Пятрок паўдня біў кукай глыжы і аднойчы ўранку ўзваліў на сябе паўторбы ячменю, узяў плеценую з саломы сявалку. Пасеяў хутка, забаранаваць, праўда, на паўдня пазычыў каня ў Лявона, надзел якога быў побач, трохі ніжэй, зямля там таксама была не дай Бог, але трохі мякчэйшая па супесі. Управіліся якраз у суботу, ціхім пагодлівым адвячоркам, і Сцепаніда думала адпачыць трохі, разагнуць адубелыя, у мазалях, далоні. Але Пятрок, хвіліну пасядзеўшы на прызбе, узяў сякеру і падаўся кудысь узроўкам. Яна запытала, па што, думала, па якую лясіну ў печ, бо дроў было мала, але ён не адказаў і знік за плотам.

Вярнуўся ён на падворак, калі яна ўзялася даіць карову, і адразу ж, не павячэраўшы, паваліўся ў запечку. Калі, управіўшыся з вечаровымі справамі па гаспадарцы, яна ўвайшла ў хату, ён зняможана хроп, і яна не стала нічога пытацца, таксама лягла.

Назаўтра паўтарылася ранейшае — ён знік на світанні, і яна ўжо не ведала куды. Але ці мала ў мужыка спраў па вясне, асабліва яшчэ пры такой бядзе, без каня. Можа, пайшоў у Выселкі, думала яна, зноў жа наконт каня, бо яшчэ трэба было вывезці гною пад бульбу, узараць гарод, пасадзіць бульбу — работы на зямлі вясной заўжды процьма. Сцепаніда навязала на ўзроўку карову і, калі вярталася да сядзібы, незнарок зірнула на гару і зноў жахнулася ад таго, што ўбачыла.

Якраз уставала сонца, якое, праўда, тут жа, пад лесам, упаўзала ў нізкую хмару, і збоч ад яго на святлявым ускрайку ранішняга неба яна ўбачыла здалёк чалавечую постаць, якая, угнуўшыся, быццам дужалася з нечым, якім слупом або дрэвам — чымсьці высокім і, мабыць, цяжкім. Яна ўжо зразумела, што гэта Пятрок. Але што ён удумаў?

Збочыўшы са сцяжыны, Сцепаніда кінулася наўпрасткі туды, колючы ногі ў дробным глеі засеянай нівы, падбегла да сваёй палоскі. Тут ужо стала відаць, як на самай выспе ў канцы іх надзела пахіла вагаўся свежы, з неакоранай лясіны збіты вялізны крыж, які, упіраючыся ў зямлю нагамі, з усяе сілы паднімаў над сабой Пятрок. Як яна падбегла бліжэй, ён ужо выраўняў крыж угары і крыкнуў: «Трымай!» Сцепаніда аберуч ашчаперыла сыры і шурпаты ствол дубка, патрымала яго роўненька ў глыбакаватай яміне, якую таропка пачаў засыпаць Пятрок. Крыж быў высозны і страшэнна цяжкі, варта ёй было незнарок трошкі нахіліць яго, як яна спалохалася, што не ўтрымае, але ўсё ж утрымала, і Пятрок пакрысе закідаў яміну глеем.