Читать «Знак бяды» онлайн - страница 86

Васіль Быкаў

На пачатку вясны яны перацягнулі з істопкі свой небагаты набытак і так сталі жыць у хаце.

Стары Яхімоўскі пакрысе стаў забывацца. Часам успамінаўся, але той успамін не прыносіў радасці, і яны стараліся думаць пра іншае. Тым болей што бедаў і клопату хапала ўсе тыя гады.

Азіміна сабе расла, клопат пра яе быў невялікі, але ж яе пасеяна было ўсяго дзве ніўкі, а галоўную частку надзела, што была на пагорку, трэба было араць пад ярыну. Яно б нічога, канешне, неяк бы ўзаралі, але горш, што самы верх гэтай гары з пазалеташняга года ляжаў аблогай. Яхімоўскі яго не араў, арандатар некалі кінуў, бо зямля там была не дай Бог — гліна, якая ў сухі год камянела, бы тая скала. Але лацвей было Яхімоўскаму мець якую дзесяціну аблогай, у яго хапала і лепшай зямлі, а як во было ім? Пабедаваўшы крыху, Пятрок запрог маладую кабылку ў ладны, новы яшчэ плужок і паехаў узнімаць аблогу.

Ён біўся там ад раніцы да паўдня, Сцепаніда, занятая іншымі справамі на сядзібе, чакала яго палуднаваць і не дачакалася. Адчуўшы благое, кінула недаробленае на падворку і ўзроўкам пабегла на той іх новы надзел, на тую халерную выспу, дзе змагаўся з зямлёй Пятрок.

Яшчэ здалёку, з узроўка, яна ўбачыла кабылку і Петрака ля яе, якраз тыя стаялі на самае выспе, але чамусь Пятрок кінуў плуг і нешта тузаўся ля кабылы, якая апанурылася ў баразне сярод ссохлага леташняга быльнягу і стаяла з мокрымі бакамі, нізка звесіўшы голаў. Сцепаніда падбегла бліжэй, выскачыла з аблогі на некалькі вузкіх баразёнак і ледзь не войкнула, пакалоўшы ногі аб калючы глей, які, нібы бітая цэгла, чырванеўся ўперамешку з хамлакамі ссохлага гною і леташнім быльнягом. Дзіва што кабылка ўходалася, тут і стары харошы конь, мусіць, надарваў бы жылы, пацягаўшы за сабой плуг. Вараная іхняя кабылка і яшчэ пацямнела ад поту, які ручаямі ліўся па яе выпнутых скабах, а бакі яе дыхавічна хадзілі ад ператомы, і галава апушчалася ўсё ніжэй. З трывожным адчаем у голасе нешта гукаў да яе Пятрок, босы, у зрэбнай непадпяразанай кашулі, з узмакрэлымі ад поту плячыма — ён зірнуў на Сцепаніду, тузануў кабылку за аброць, і тая раптам хіснулася — заднія ногі яе раз'ехаліся, і яна села ў пастромках на мулкае ворыва.

— Авой, бяда, што ж рабіць? — роспачна прамовіў Пятрок і зноў узяўся тузаць і лашчыць кабылку, гладзіць па шыі, але, мусіць, дарма. Неўзабаве падагнуліся яе і пярэднія ногі, і яна легла ў вупражы, уцягшы ў хамут галаву, грабучы глей нагамі. Пятрок кінуўся яе распрагаць, ды ніяк не мог развязаць супонь, тады Сцепаніда скінула з плуга ворчык, тым аслабаніўшы пастромкі і пэўна ўжо адчуваючы, што ў іхняе жыццё раптоўна і неспадзявана ўварвалася новая вялізная бяда.

Так яно і сталася, кабылка не паднялася болей, як яны ні стараліся яе падняць — сенам, травой, паўбулкай хлеба, прынесенай Сцепанідай з сядзібы. Галава яе на доўгай пляскатай шыі неўзабаве таксама апала на глей, толькі вочы яшчэ трывожна варушыліся, нібы молячы людзей аб паратунку. Ды ратаваць, мабыць, было позна ўжо. Пад вечар яна апошні раз напружылася, выпрастала ногі і знерухомела назаўжды.