Читать «Знак бяды» онлайн - страница 85

Васіль Быкаў

На хутары ў істопцы Сцепаніда развязала хусцінку з кулічом, адкроіла кавалак і занесла ў хату пану Адольфу. Той, як здалося, спаў у запечку, бо ў хаце яго не было відаць, і Сцепаніда паклала куліч на белую талерку, што ўзяла з пасудніка, паставіла на стол. У хаце было надта ціха, але яна не звярнула на тое ўвагі — наогул, яна не мела звычаю затрымлівацца тут: зробіць што ці возьме і — у сенцы, нашто турбаваць старога чалавека. У істопцы яны з'елі рэшту таго куліча з малаком, і Пятрок пайшоў на падворак. Яго ўжо ахапіў веснавы неспакой, трэба было ладзіць плуг для баразны, пад павеццю ён не мог знайсці ворчык, а без ворчыка як запражэш? Сцепаніда ж у вялікім чыгуне пачала боўтаць пойла карове — Чарняўка любіла менавіта такое, трохі забоўтанае мукой пойла і зусім не піла ваду.

Так яна боўтала, прысеўшы над чыгуном, як у расчыненыя дзверы неяк хістка сунуўся Пятрок і здушана крыкнуў ёй з неспакоем, спалохам, нават жахам у голасе:

— Сцепаніда!

Яна ўскочыла з долу, здалося, што Петраку блага, ён і сапраўды як палатніна пабялеў з твару, выцягнутыя да яе яго рукі нядобра дрыжалі.

— Сцепаніда!!!

Яна кінулася да яго, але ён адступіўся, памкнуўся назад на падворак, скіроўваючы яе ўвагу ў другі бок, да хлява. Яна кінула позірк далей і згледзела, што дзверы ў свірне насцеж расчынены, чаго не было ніколі, заўжды там грувасціўся вялікі замок, чорны ключ ад якога вісеў у хаце на цвіку ля парога. Адчуўшы благое, яна подбегам кінулася да дзвярэй і яшчэ з падворка ў свірановых прыцемках убачыла няпэўную чалавечую постаць. Неяк, быццам схіліўшыся над засекам, нерухома стаяў на падкурчаных у каленях нагах Адольф Яхімоўскі. Не сваім голасам яна крыкнула: «Паночку Адоля!» — але ён не азваўся. Тады яна ўскочыла ў свіран і зразумела ўсё. Зверху ад бэлькі звісала туга напятая вяроўка, жоўтая, бы голая косць, галава Яхімоўскага скруцілася набок разам з шыяй, рукі ўпалі ўздоўж худога абвіслага цела, адно плячо неяк ненатуральна паднялося вышай, а другое апусцілася. Яна схапіла яго за гэтыя кастлявыя пад суконным каптаном плечы, і цела грузна павярнулася. Ён вісеў так нізка, што падкурчаныя ногі яго ў святочных хромавых ботах з шоргатам пасунуліся на земляной падлозе. Не ў лад са сваім спалохам Сцепаніда падумала, што нават і тут, каб павесіцца, чалавеку не хапіла прасторы, так было нізка і нязручна.

Праз два дні яны з Петраком адвезлі не дужа зграбна змайстраваную з старых дошак труну на каталіцкія могілкі ў мястэчку і закапалі. Яшчэ праз дзень з мястэчка прыехаў арандатар Мацкевіч, які пагрузіў у параконную фуру грувасткае дубовае крэсла, гадзіннік у даўгім футарале і прыгожую чырвонага дрэва канторку, казаў, што за доўг, які не сплаціў яму Яхімоўскі. Сцепаніда з Петраком не пярэчылі, сказалі: бяры! Ім заставалася болей — лічы, уся сядзіба, дзве дзесяціны зямлі, кабылка, карова. Хіба па тым часе гэтага было мала?