Читать «Знак бяды» онлайн - страница 104

Васіль Быкаў

Калі ў школе раптам выбухнуў радасны дзіцячы розгалас, яна зразумела, што дастаялася да перапынку, і адарвалася ад штыкетніку. Трохі яна паспакайнела, сабралася з думкамі, але, мусіць, далей тут стаяць было нягожа, і яна паволі паплялася па вуліцы назад, захацела пабачыць Лявона — здавалася, Лявон ведае нешта такое, чаго не ведае яна, нешта скажа, можа, суцешыць. У сельсавецкай палавіне было, аднак, пуста і стаяў слупам пыл — гэта Патап Каландзёнак шкрэбаў па затаптанай, невядома калі мытай падлозе тонкім гальнём, і яна стала ў парозе.

— Лявон хіба не прыходзіў?

— Не, не прыходзіў.

Абыякавы да яе, Каландзёнак усё драў гальнём падлогу, горнучы ў парог смецце і пясок, і яна ўбачыла на ягоных заўжды ссінелых босых нагах неблагія яшчэ, хоць і паношаныя боты. Але гэтыя боты былі не Лявонавы.

— Што, боты зарабіў? — спытала яна з тайным здзекам у тоне.

— Рэквізаваныя, — буркнуў Патап, ваўкавата зіркнуўшы на яе праз узняты з падлогі пыл.

— Старайся, паршывец! — сказала яна і выйшла на вуліцу.

Яна ішла ўздоўж плота і думала, што во, жыве ж чалавек — яшчэ малады, а ўжо граматны, нават праз меру, скончыў тры ці чатыры класы і ўсё рабіў быццам бы правільна, а нічога, апроч крыўды і нянавісці, да сябе не выклікаў у вяскоўцаў. Напісаў у газету, і ўсё тое само па сабе было таксама правільна, а чым яно абярнулася для людзей?