Читать «Знак бяды» онлайн - страница 103

Васіль Быкаў

— Эй, куда? Нельзя!

— Чаго?

— Нельзя, сказал!

«Пайшоў ты на сухі лес!» — адказала яна ў думках, і, пыхнуўшы нутраной злосцю, рашуча ступіла ў сені.

— Ганчарык, вазвраці пастаронніх! — данеслася ззаду.

Ганчарык у хаце, аднак, не адазваўся, хаця дзверы былі ўсюды расчынены насцеж, і ў іх стала відаць абадраная, нібы абрабаваная Ладзімірава хата: голыя сцены, засмечаная і заследжаная падлога, бязладна рассунутыя лаўкі. Пасярод пустой горніцы на голым услоне, патупіўшыся, плакала Анютка, і Ганчарык, нерашуча кранаючы яе за плячо, прасіў асіплым, чужым голасам:

— Ну, ціха… Ну, ціха… Ну, што ж цяпер…

Сцепаніда апанурана пераступіла парог, раптам адчуўшы, як штосьці ў ёй нібы абарвалася, і новая непадуладная ёй сіла ахапіла яе разварушаныя за тыя дні пачуцці.

— Анютка!

Анютка падхапілася на ўслоне, а Сцепаніда ўпала побач, абняла дзяўчыну і захлынулася ў кароткім, бы енк, плачы, калі, здавалася, не стрывае, разарвецца сэрца. З даверлівай пакораю дзяўчына прыпала да яе ўсім сваім трапяткім целам, нібы да маці, якую некалі страціла ў дзяцінстве. Абдымаючы яе за плечы, Сцепаніда гладзіла яе вузкую, у плюшавай жакетцы спіну, сама абліваючыся слязьмі, праз іх нічога не бачачы навакол. Аднекуль здаля да яе слыху даляцеў вокрык упаўнаважанага:

— Таварыш міліцыянер!..

Яна не адразу зразумела, што гэта звярталіся да Ганчарыка, які з вінаватай разгубленасцю на збялелым твары крануў яе за плячо.

Так яна і ведала: тут нельга плакаць, абдымацца з дачкой раскулачанага, якая цяпер з сяброўкі, суседкі нібы ператварылася ў заразна-хворую — у класавага ворага. Мабыць, трэба было ёй штосьці сказаць, але Сцепанідзіна сэрца поўнілася невыказным плачам, маўклівай скрухай па недарэчным лёсе гэтай няшчаснай дзяўчыны.

— Цётка Сцепаніда! — настойліва паўтарыў побач Ганчарык.

У хату ўвайшоў Ладзімір, здзеў шапку. Не звяртаючы ўвагі на яе, таксама як і на міліцыянера і быццам на дачку таксама, прайшоў у кут з адсунутым сталом і лаўкай, зняў са сцяны крайні абраз, астатнія, мабыць, назаўжды пакідаючы ў гэтай выстуджанай пустой хаце. Гэта быў абраз святога Мікалая-цудатворцы, — стары, з аблезлай пазалотай, на счарнелай дошцы. Прыцяўшы абраз да грудзей, Ладзімір укленчыў з ім на падлозе.

— Мір дому… Зямлі…

Анютка адарвалася ад Сцепаніды, ускочыла. Сцепаніда таропка выцірала ражком хусцінкі мокры ад слёз твар. Развітанне канчалася, трэба было ісці. Але толькі яна скіравала ў дзверы, як ззаду раздаўся здзічэлы крык Анюткі:

— За што? Вася, цётачка, за што ж гэта?!.

Сцепаніда, аднак, не спынілася, падумала толькі, што на сёння, мабыць, ёй хопіць, і выйшла з сяней. У двары чакалі ад'езду нагружаныя майном сані, трохі ўбаку тоўпіліся людзі. Не зірнуўшы ні на кога, яна пратупала каля іх да варотцаў і слепа пабрыла вясковаю вуліцай, не ведаючы куды і па што…

Ужо далёка адышоўшыся ад Ладзіміравага падворка, заўважыла, што ідзе не ў Яхімоўшчыну — у другі канец вёскі, але павяртаць не стала. Якраз наперадзе згледзела дужа знаёмую мясціну, дзе некалі была іхняя хата і цяпер стылі на ветры бярозы ля вуліцы ды на мяжы сядзібы распусціў тонкае вецце вішаннік. Хаты не было, хата згніла, і яе разабралі на дровы, а гарод перайшоў суседу Багацьку Дзям'яну, які дбайна абгарадзіў яго добрым бярозавым плотам. Сцепаніда, аднак, не спынілася каля былога жытла і немаведама куды тупала ўздоўж вуліцы — міма знаёмых спрадвеку хацін, сцен, вулічных дрэў, платоў, абышла таўшчэзны, што вылез ажно на вуліцу, камель Маланнінага клёна. Спусцілася з пагорка і ішла далей, аж покуль не ўбачыла новы штыкетнік каля Аўсюковай хаты, дзе цяпер была школа і куды яна з восені спраўна тры разы ў тыдзень бегала на лікбез; цяпер там сядзелі за партамі яе Федзька і Феня і яшчэ тры дзесяткі рабят, пасаджаных за чатыры рады парт — па радзе на клас. Сцепаніда прыпынілася каля штыкетніка, абаперлася на яго грудзямі і думала. Дзеці хай вучацца, можа, іх напаткае лепшая доля, чымсі іхніх бацькоў, можа, навука дасць хлеба і выведзе ў жыццё. А яна ўсё, яна болей на лікбез не пойдзе. Пасля ад'езду Анюткі яна ўжо не магла сядзець за той партай без яе, не магла пераступіць той парог школы, дзе ўжо ніколі не будзе яе. Гэта ж Анютка ўгаварыла яе пайсці на лікбез, казала, сорамна быць непісьменным, калі ўсе ў краіне вучацца, малыя і старыя. Сама яна так старалася, так шчыравала з навукай, і цяпер Сцепанідзе стала зразумела, чаму — Ганчарык жа быў грамацей, перад службай скончыў чатыры класы ў мястэчку. Як жа было ёй адстаць ад яго? Маладзейшай, падлеткам, не было як вучыцца, у шаснаццаць год стала за гаспадыню ў хаце, як памерла ад сухотаў маці, бацька не ажаніўся болей, а блізняты-браты Анціп з Андрэем нешта бавілі час, прыглядаліся ды вагаліся. Цяпер ужо не пажэняцца.