Читать «Знак бяды» онлайн - страница 102

Васіль Быкаў

Трохі наводшыбе ад вуліцы, на Ладзіміравым падворку, ужо тоўпіліся людзі, пахмурна стаялі запрэжаныя ў сані коні. З хаты выносілі майно: клумкі, кажухі, падушкі, мяхі, — усё неяк таропка, без ладу кідалі ў сані. Трошкі ў баку, ля плота, знерухомела купка вясковага люду, болей жанок з дзецьмі, мужчын было мала, і сярод іх на падворку вылучалася высокая постаць Лявона ў залапленым кажусе, з чорнай паскай наўкось па шчацэ, цераз лоб. Выгляд у старшыні быў змрочны і злы, — нібыта раскулачвалі яго, а не Ладзіміра. Непадалёк на снезе стаяў незнаёмы Сцепанідзе прысадзісты мужчына ў чорнай бліскучай скуранцы, які таксама назіраў за гэтай выпраўкай у нікому не вядомы, далёкі, жалобны шлях. Дзверы ў сені былі расчынены, адтуль выскачыў спатнелы, чорны, цыганскага выгляду Антось Недасека, пра штось запытаў у Лявона. Следам паказаўся Васіль Ганчарык, — няспрытна, задам ступаючы з ганка; валок цяжкаваты зялёны куфэрак, які з другога боку трымаў сам Ладзімір. Згледзеўшы той куфэрак, Сцепаніда міжволі ахнула: то ж быў Анюцін пасаг, з якім дзяўчо нядаўна яшчэ збіралася замуж — неяк зімой паказвала Сцепанідзе, што там было нарыхтавана. Цяпер гэты рыштунак сам Ганчарык выпраўляў немаведама куды — на Салаўкі, у Сібір — хто ведае? Сцепаніда глыкнула даўкі ком у горле, з усяе моцы памкнулася стрымаць слёзы. Зрэшты, тое было нялёгка, некаторыя бабы ўжо плакалі, — ціхмана хліпаючы насамі, выціраючы рукавамі вочы, а малая Барысава Маня ўсё тузала маці за палу кажушка і пытала:

— Мама, а куды гэта яны? І я хачу ў сані…

Лізавета крыкнула на дачку раз і другі, ды малая не сціхала, і тады старая Малання, што стаяла побач з кіём у руках, мовіла з нейкім благім намёкам:

— Чакай, дачушка. Вырасцеш — паедзеш яшчэ…

Васіль з Ладзімірам уладкавалі куфэрак на сані, Ладзімір пачаў прывязваць яго даўгой вяроўчынай, а Ганчарык выпрастаўся, і Сцепаніда не пазнала ягоны твар — такі спакутаваны выраз ляжаў на ім, — зусім не падобны на яго, ранейшага.

— Праслядзіце за цем, как укладываюцца, — падкрэсліваючы інтанацыяй кожнае слова, загадаў яму незнаёмы ў скуранцы, — мабыць, упаўнаважаны з раёна. — Пад вашу лічную ответсцвеннасць.

Ён стаяў на двары асобна ад іншых, засунуўшы рукі ў кішані скуранкі, і Вася моўчкі кіўнуў, пайшоў у хату Ладзіміра.

«Гэта ж трэба! — разгублена думала Сцепаніда. — Сам нявесту сваю… Хаця, мабыць, ужо не нявеста…»

Яна хацела пабачыць Анютку, баялася гэтай сустрэчы і не магла абысціся без яе, бо ведала, што ім больш не пабачыцца. Але Анюта ўсё не выходзіла з хаты, мабыць, нешта яшчэ збірала, і Сцепаніда наважылася — рушыла цераз двор у сені. Толькі яна ступіла на ганак, як той, у скуранцы, вызверыўся: