Читать «Знак бяды» онлайн - страница 100

Васіль Быкаў

— Вот каб мне за жонку цябе…

Яна зноў засмяялася.

— Дык шлі сватоў, чаго ж ты…

— А пойдзеш? — зноў настырчыў позірк Карніла.

— Падумаю. Можа, і пайду. Не знаю яшчэ…

Яна і сапраўды не знала, хоць нічога не мела супраць яго. Карніла быў мужык спраўны, але ж удавец з двума малымі. А яна хадзіла ў дзеўках, з хлопцаў нікога на прыкмеце не мела, ніхто яшчэ да яе не сватаўся. Што было ёй рабіць? Месяцаў колькі яна чакала, марыла рознае, уяўляла, аж зненавідзела сябе і Карнілу. Ды сватоў ён так і не прыслаў, на Мясаед прывёў з Кухналёў перастарку Вандзю, якая і загаспадарыла на Карнілавай сядзібе. Сцепаніда трохі паплакала ў падушку і супакоілася, хоць і не забылася на той летні ранак на ягоным падворку.

Можа, цяпер яму за тое пакаранне?

Але ж не, хіба за такое можна караць? А завошта тады караць Ладзіміра, старую Прахорыху? Дый Гужова таксама… Зрэшты, калі падумаць, дык, можа, усё і пачалося праз гэтага Гужа? Калі б ён тады не заўпарціўся і каго выклікаў, дык бы не прыязджаў Новік, не патрабаваў бы яго раскулачвання. І не раскулачылі б, калі б на галасаванні Ганчарык не падняў руку і тым не зрабіў большасць. А не раскулачылі б Гужа — не было б заметкі ў газеце, а тады ж што? Тады не чапалі б і гэтых?

Але тады праз каго ўсё гэта? Праз Гужа? Новіка? Ці Васілёву няўстойку? Дык няўжо ж ад адной толькі ягонай рукі так шмат залежала ў Выселках? Але во, мусіць, залежала. Проста страшна падумаць, як шмат, бывае, залежыць у жыцці ад аднаго толькі слова, рукі, нават нейчага позірку. Асабліва ў гэткі час! Якім трэба быць памяркоўным, ашчадным, справядлівым і добрым. Бо тваё зло супраць некага можа абрынуцца з яшчэ большаю сілай назад, на цябе самога, тады ой як стане балюча. А перад тым, як ты валіў яго на суседа, ці балела табе? Часам бывае радасна, што цябе абышло, абмінула, усім цяжарам зваліўшыся на іншага. А як абрушыцца на цябе самога?

Ранкам яна ўстала разбітая, ушчэнт растузаная сваімі думкамі — трэба было збіраць у школу малых, а то б не ўставала. Хай бы Пятрок карміў парсюка, авечак, добра, карова яшчэ не цялілася, даіць не трэба было. Пры газнічцы наабірала чыгунок бульбы, запаліла ў печы. Дзеці яшчэ спалі: салодка пасапваў уранні Федзька, Фенечка таксама сцішылася, а то ўсю ноч неспакойна варочалася на ложку. Пятрок выйшаў на двор і, мусіць, забавіўся ля скаціны. Цяпер, як заўважыла яна, ён даўжэй, чым калі раней, бавіў час ля каня, ведаў: хутка прыйдзецца ім разлучыцца. Шкада было спраўнага маладога коніка, якога год назад нажылі і цяпер аддаваць… Яна разумела Петрака. Тым часам пачало днець, засінеўся золак у вокнах, у хаце было відна ад агню з печы, і яна ўжо хацела была дзьмухнуць на газнічку, як у акно пастукалі. Спярша яна падумала, што гэта Пятрок, але не — стук быў нейкі надта даўгі і рэзкі, спалоханы, ці што, Сцепаніда падумала: калі што, там жа недзе ў хляве гаспадар. Але яна падышла да акна і не адразу разгледзела за намёрзлай і падталай шыбкай жаночую постаць ля прызбы.