Читать «Што кажух, то не вата» онлайн

Каганец Карусь

Карусь Каганец

ШТО КАЖУХ, ТО НЕ ВАТА

Давялося раз зімой гарадскому панічу паехаць у двор на імяніны.

Прыехаўшы па чыгунцы на станцыю, ён пайшоў на сяло, што ад станцыі за паўвярсты было; каб падводу наняць, бо яшчэ трэба было вёрстаў з чатырнаццаць канём ехаць. Вось зайшоў ён у адну хату, а там якраз абедаць садзіліся. Ён зняў шапку і кажа:

– Дзень добры!

– Дзень добры! – адказваюць.

– Ці не завезлі б мяне туды і туды?

– Чаму ж не, можна, – кажа гаспадар, пагадаўшы.

– А колькі ж хочаце за хурманку?

– Аб цане то мы змяркуемся, а цяпер сядзьце, капусты сербаніце, бо да таго двара няблізка.

– Дзякую! я ўжо гарбату піў.

– Ну, як воля ваша.

Гаспадар, пад'еўшы, не спяшаючы, закурыў люльку, сказаў цану, катора панічу проці гарадскіх паказалася зусім малой, але ён з тым не пахваліўся: і яму грош, знаць, не дарма даецца. Пасля гаспадар апрануў кажух, надзеў шапку і пайшоў запрагаць. Запрогшы каня, прыйшоў у хату і, зняўшы з жэрдзі кажуха, дае яго падпрануць панічу; але паніч не адважыўся апрануць мужыцкага кажуха і кажа:

– Дзякую! у мяне пальто на ваце.

– Ну, як воля ваша, – кажа гаспадар. Аднак жа як ішлі садзіцца ехаць, то гаспадар узяў з сабой кажуха ў запас.

Вот яны едуць. Спачатку панічу цёпла паказалася, але, праехаўшы вёрстаў пяць, бачыць гаспадар, што паніч стаў корчыцца, каўнер настаўляць, шапку на вушы нацягваць і носам сёрбаць. Гаспадар і пытае:

– А можа кажух, паніч, надзенеш?

– Не! дзякую.

Едуць далей.

Праехалі яшчэ вярсты са дзве, бачыць гаспадар, што паніча сталі дрыжыкі прабіраць, і пытае:

– А можа кажух, паніч, надзенеш?

– А добра, бо штось халаднавата.

Даў яму кажуха апрануць і едуць далей. Ужо і да двара блізка, ажно бачыць гаспадар, што паніч неяк бледнаваты; дык пытае ў яго:

– А што, панічу, не сцюдзёна цяпер?

– О, не! цяпер цёпла.

– А можа паніч есці хоча?

– О, і дужа хачу.

– А што, панічу: што кажух, то не вата, а што капуста, то не гарбата? Але пацярпі, паніч, хвіліну, незабавам прыедзем! – І паказаў яму пугаўём на той двор, каторы ўжо відаць было.

1911 г.