Читать «Пан тванны, шляхціц багняны» онлайн
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Уладзімір Караткевіч
Пан тванны, шляхціц багняны
Балота! Качкарнiк пакрыты рудай сухой травою, а памiж iм чарнее маслянiстая вада. Крапае дробны, дужа цёплы дожджык, i грэюцца пад iм жабкi. Тырчыць па ўскраi калючая асака, жорсткi белавус, сiтняг. Жабак нiхто не пудзiць, i яны нават крэкчуць ад задавальнення.
Але што гэта? Закалыхалася ў адным месцы асака i высунулася стуль хiтрая мордачка. Вусны яе смяюцца, нос пiпкаю i пад iлбом задзiрыстыя рожкi. Гэта балотны чорцiк. Ускочыў на купiну, рукi ў бокi.
— Ану, жабкi, хто я такi?
Адна маладая, не бачыўшая свету жабка кажа:
— Чорцiк балотны.
— Зноў за сваё, — абурыўся той. — Я гэтаму балоту вялiкi гасудар, i вы павiнны мне павагу выказваць. Тытул мой поўны ведаеце? Забылi, гады падкалодныя! Паўтарайце за мною: цар балотны, вялiкi князь нiмярэчны, князь межыточны, магнат тванны, шляхцiц багняны, альховы i сiтняговы, кароль вужыны i водаблышыны, усiх вялiкiх, малых i белых пацукоў уладар.
Складна прыдумаў, але жабкам гэта ўсё запомнiць нельга; у iх мозаку амаль няма. Супыняюцца, блытаюцца. Раззлаваўся тыран, схапiў адну жабку, уставiў сцяблiну ёй i пачаў дзьмухаць без суда i следства. Тая ўжо зусiм як барабан зрабiлася. Жабкi трывалi, трывалi, а потым пачалi бясчынствуючага гасудара лупiць.
Зароў той, пакiнуў жабкам палову хваста i ўцёк зноў у асаку. Запароўся глыбей, сеў i пачаў слёзы махнатым кулаком выцiраць.
Па справах i пакуты!