Читать «Населены востраў» онлайн - страница 142

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Хлебапёка абудзілі, сунулі яму ў плямістую руку гарачы кубак, ён апёкся, сыкнуў, і прынц-герцаг працягваў:

— Наш сябар Мак прапануе выхад. Ён прыйшоў да нас з боку жаўнераў. Жаўнераў ён ненавідзіць і кажа, што літасьці чакаць ад іх нельга, усе яны там абдураныя тыранамі і гараць жаданьнем нас зьнішчыць. Мак хацеў спачатку ўзброіць нас і павесьці ў бой, але пераканаўся, што мы слабыя і ваяваць ня можам. І тады ён вырашыў дабрацца да насельнікаў пустыні — ён у іх таксама верыць — дамовіцца зь імі і павесьці іх на жаўнераў. Што патрабуецца ад нас? Блаславіць гэтую задуму і прапусьціць насельнікаў пустыні цераз нашыя землі і забясьпечыць іх харчаваньнем, пакуль будзе ісьці вайна. І яшчэ наш сябар Мак прапанаваў: дайце яму дазвол сабраць усіх нашых выведнікаў, якія захочуць, ён навучыць іх ваяваць і павядзе на поўнач, каб падняць там паўстаньне. Вось, коратка, як абстаяць справы. Нам цяпер трэба вырашыць, і я прашу выказвацца.

Гай скасавурыўся на Максіма. Сябар Мак сядзеў, падціснуўшы пад сябе нагу, велізарны, карычневы, нерухомы, як скала, нават не як скала, а як гіганцкі акумулятар, гатовы разрадзіцца ў адно імгненьне. Ён глядзеў у далёкі кут, на Чараўніка, але погляд Гая адчуў неадкладна і павярнуў да яго галаву. І раптам Гай падумаў, што сябар Мак ужо ня той, што раней. Ён згадаў, што даўно ўжо не ўсьміхаўся Мак сваёй славутай асьляпляльна-ідыёцкай усьмешкай, што даўно ён не сьпяваў сваіх горскіх песень, і што вочы ў яго сталі цяпер без ранейшай пяшчоты і добрай яхіднасьці, цьвёрдыя сталі вочы, ашклянелі неяк, нібы і не Максім гэта, а пан ротмістр Чачу. І яшчэ згадаў Гай, што даўно ўжо перастаў сябар Мак кідацца ва ўсе куткі, як вясёлы цікаўны сабака, стаў стрыманы, і зьявілася ў ім нейкая суровасьць, мэтанакіраванасьць нейкая, дарослая дзелавая засяроджанасьць, нібы цэліўся ён самім сабой у нейкую аднаму яму бачную мішэнь... вельмі, вельмі зьмяніўся сябар Мак з тых часоў, як усадзілі ў яго поўную абойму зь цяжкога армейскага пісталета. Раней ён шкадаваў усіх і кожнага, а цяпер не шкадуе нікога. Што ж, можа быць так і трэба... Але страшную ён усё ж справу задумаў, разьня будзе, вялікая разьня будзе...

— Нешта я не зразумеў, — падаў голас пляшывы вырадак, мяркуючы па вопратцы — нетутэйшы. — Што ж гэта ён хоча? Каб барбары сюды да нас прыйшлі? Дык яны ж нас усіх пераб’юць. Што я — барбараў ня ведаю? Усіх пераб’юць, ні аднаго чалавека не пакінуць.

— Яны прыйдуць сюды зь мірам, — сказаў Мак, — ці ня прыйдуць зусім.

— Хай ужо лепш зусім не прыходзяць, — сказаў пляшывы. — З барбарамі лепш ня зьвязвацца. Тады ўжо лепш шчыра да жаўнераў выйсьці пад кулямёты. Усё неяк ад сваёй рукі загінеш, у мяне бацька жаўнерам быў.