Читать «Населены востраў» онлайн - страница 140

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Яны выйшлі на плошчу, на вялікую пустку, пасярэдзіне якой дзіка чарнеў аплаўлены помнік нейкаму забытаму дзеячу, і павярнулі да ацалелай хаткі, дзе звычайна зьбіраліся прадстаўнікі, каб абмяняцца чуткамі, параіцца наконт пасяўной або наконт паляваньня, а то й проста пасядзець, падрамаць, паслухаць апавяданьні прынца-герцага пра ранейшыя часы.

У хатцы, у вялікім чыстым пакоі, ужо сабраўся народ. Глядзець тут ні на каго не хацелася. Нават прынц-герцаг — здавалася б, не мутант, чалавек, — а і той зьнявечаны: увесь твар у апёках і рубцах. Увайшлі, павіталіся, селі ў кола, прама на падлогу. Бошку, які сядзеў побач з плітой, зьняў з вуглёў чайнік, наліў ім па кубку гарбаты, моцнай, добрай, але бяз цукру. Гай прыняў свой кубак — незвычайнай прыгажосьці кубак, цэны яму няма, каралеўскага фарфору, — паставіў яго перад сабой, а потым упёр аўтамат прыкладам у падлогу паміж каленяў, прыпаў лобам да рубчатага ствала і заплюшчыў вочы, каб нікога ня бачыць.

Пачаў нараду прынц-герцаг. Ніякі ён быў ня прынц і ніякі ня герцаг, а быў ён палкоўнікам мэдыцынскай службы, галоўным хірургам Паўднёвай Крэпасьці. Калі Крэпасьць пачалі ламаць атамнымі бомбамі, гарнізон паўстаў, выкінуў белы сьцяг (па гэтым сьцягу свае ж неадкладна дзеўбанулі тэрмаядзернай), сапраўднага прынца, камандуючага, жаўнеры разарвалі на кавалкі, захапіліся, паперабілі ўсіх афіцэраў, а потым спахапіліся, што няма каму камандаваць, а без камандаваньня нельга: вайна ж працягваецца, праціўнік атакуе, свае атакуюць, а з жаўнераў ніхто пляну Крэпасьці ня ведае, — атрымалася гіганцкая пастка, а тут яшчэ выбухнулі бактэрыялягічныя бомбы, увесь арсэнал, і пачалася чума. Карацей кажучы, неяк само сабой атрымалася, што палова гарнізону разьбеглася хто куды, ад пакінутай паловы тры чвэрці вымерлі, а астатніх прыняў на сябе галоўны хірург — падчас бунту жаўнеры яго не кранулі: лекар усё-ткі. Неяк павялося называць яго то прынцам, то герцагам, спачатку жартам, потым прывыклі, а Максім для пэўнасьці называў яго прынцам-герцагам.

— Сябры! — сказаў прынц-герцаг. — Трэба нам абмеркаваць прапановы нашага сябра Мака. Гэта вельмі важныя прапановы. Наколькі яны важныя, вы можаце судзіць хаця бы па тым, што сам Чараўнік да нас завітаў і будзе, можа быць, з намі размаўляць...

Гай падняў галаву. І дакладна: у куце, прыхінуўшыся сьпіной да сьцяны, сядзеў сам Чараўнік, уласнай пэрсонай. Глядзець на яго было жудасна, а не глядзець немагчыма. Выдатная была асоба. Нават Максім глядзеў на яго неяк зьнізу ўверх і казаў Гаю: Чараўнік — гэта, браце, фігура. Быў Чараўнік невялікага росту, шчыльны, чысты, ногі і рукі ў яго былі кароткія, але моцныя, і ўвогуле ён быў не такі ўжо выродлівы, ва ўсякім выпадку слова «выродлівы» да яго не пасавала. У яго быў велізарны чэрап, пакрыты густым цьвёрдым воласам, падобным на серабрысты мех, маленькі рот зь дзіўна складзенымі вуснамі, нібы ён увесь час зьбіраўся сьвіснуць скрозь зубы, твар наогул нават хударлявы, але пад вачыма мяшкі, а самі вочы былі доўгія і вузкія, з вэртыкальнай, як у вужакі, зрэнкай. Гаварыў ён мала, на людзях бываў рэдка, жыў адзін у склепе на далёкім канцы горада, але аўтарытэтам карыстаўся велізарным з-за сваіх дзіўных здольнасьцяў. Па-першае, ён быў вельмі разумны і ведаў усё, хоць ад роду яму было ўсяго нешта каля дваццаці гадоў і нідзе ён, акрамя гэтага горада, ня быў. Калі ўзьнікалі якія-небудзь пытаньні, да яго ішлі на паклон за парадай. Як правіла, ён нічога не адказваў, і гэта азначала, што пытаньне пусьцяковае, як яго ні вырашыш — усё добра будзе. Але калі пытаньне выяўлялася жыцьцёва-важным — наконт надвор’я, калі што сеяць — ён заўсёды даваў параду і ні разу яшчэ не памыліўся. Хадзілі да яго толькі старэйшыя, і што там адбывалася, — яны памоўчвалі, але існавала перакананьне, што нават даючы параду, Чараўнік не расплюшчваў рота. Так, паглядзіць толькі — і становіцца ясна, што трэба рабіць. Па-другое, меў ён уладу над жывёламі. Ніколі ён не патрабаваў у грамадзтва ні ежы, ні вопраткі, усё яму дастаўлялі жывёлы, розныя жывёлы — і зьвяр’ё, і насякомыя, і жабы, — а галоўнай прыслугай у яго былі велізарныя кажаны, зь якімі ён, па чутках, мог тлумачыцца, і яны яго разумелі і слухаліся. Далей, распавядалі, што ён ведае невядомае. Зразумець гэтае невядомае было немагчыма, на погляд Гая гэта быў проста набор слоў: чорны пусты Сьвет да пачатку Сусьветнага Сьвятла; мёртвы ледзяны Сьвет пасьля згасаньня Сусьветнага Сьвятла; бясконцая пустыня са многімі Сусьветнымі Сьветламі... Ніхто ня мог растлумачыць, што гэта азначае, а Мак толькі пахістваў галавой i ў захапленнi мармытаў: «Вось гэта інтэлект!»