Читать «Населены востраў» онлайн - страница 134

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

— Ну, добра, — сказаў, нарэшце, Максім, разьюшыўшыся. — Зараз мы ўсё гэта праверым. Па маіх разьліках мы даўно ўжо выехалі з поля выпраменьваньня, а зараз прыкладна без дзесяці дзесяць. Што вы ўсе робіце а дзесятай гадзіне?

— У дзесяць нуль-нуль — пастраеньне, — змрочна сказаў Гай.

— Вось менавіта. Зьбіраецеся стройнымі радамі і пачынаеце нема гарлапаніць дурныя гімны, і надрываецеся ад энтузіязму. Памятаеш?

— Энтузіязм у нас у крыві, — заявіў Гай.

— Энтузіязм вам убіваюць у вашыя тупыя галовы, — запярэчыў Максім. — Нічога, вось зараз мы паглядзім, які ў цябе там у крыві энтузіязм. Колькі гадзін?

— Безь сямі, — змрочна сказаў Гай.

Некаторы час яны ехалі моўчкі.

— Ну? — спытаў Максім.

Гай паглядзеў на гадзіньнік і няўпэўненым голасам засьпяваў: «Баявая Гвардыя жалезным крокам...» Максім насьмешліва глядзеў на яго. Гай зьбіўся і пераблытаў словы.

— Перастань на мяне глядзець, — сярдзіта сказаў ён. — Ты мне перашкаджаеш. І ўвогуле, які можа быць энтузіязм па-за строем?

— Кінь, кінь, — сказаў Максім. — Па-за строем ты, бывала, таксама крычаў, як у страі. Глядзець на вас зь дзядзькам Каанам страшна было. Адзін крычыць «Баявую Гвардыю». Другі цягне «Славу Айцам». А тут яшчэ Рада... Ну, дзе энтузіязм? Дзе твая любоў да Айцоў?

— Ня сьмей, — сказаў Гай. — Ты ня сьмееш так казаць пра Айцоў. Нават калі тое, што ты распавядаеш, — праўда, гэта азначае толькі, што Айцоў проста падманулі.

— Хто ж іх падмануў?

— Н-ну... ці мала...

— Значыць, Айцы не ўсемагутныя? Значыць, яны ня ўсё ведаюць?

— Не жадаю на гэтую тэму размаўляць, — абвясьціў Гай.

Ён зажурыўся, згорбіўся, твар ягоны яшчэ больш асунуўся, вочы пацьмянелі, адвісла ніжняя губа. Максім раптам згадаў Фішту Цыбуліну і Прыгажунчыка Кетры з арыштанцкага вагона. Яны былі наркаманамі, няшчаснымі людзьмі, якія звыкліся ўжываць асабліва моцныя наркатычныя рэчывы. Яны страшэнна пакутавалі без свайго зельля, ня елі й ня пілі, а дні напралёт сядзелі вось так, з патухлымі вачыма і адвіслай губой.

— Табе баліць што-небудзь? — спытаў ён Гая.

— Не, — сумна адказаў Гай.

— А што ты так натапырыўся?

— Ды так неяк... — Гай адцягнуў каўнер і вяла пакруціў шыяй. — Нядобра неяк... Я лягу, а?

Не чакаючы адказу Максіма, ён палез у люк і прылёг там на галінкі, падціснуўшы ногі. Вось яно як, падумаў Максім. Гэта ня так проста, як я думаў. Ён занепакоіўся. Прамянёвага ўдару Гай не атрымаў, з поля мы выехалі амаль дзьве гадзіны таму... Ён жа ўсё жыцьцё жыве ў гэтым полі... А можа быць, яму гэта шкодна — бяз поля? Раптам ён захварэе? Трэба ж, дрэнь якая... Ён глядзеў празь люк на бледны твар, і яму станавілася ўсё страшней. Нарэшце, ён ня вытрымаў, саскочыў у адсек, выключыў рухавік, вывалак Гая вонкі і паклаў на траву ля шашы.

Гай спаў, мармытаў нешта ў сьне, моцна ўздрыгваў. Потым яго пачалі біць дрыжыкі, ён скрукоўваўся, сьціскаўся, нібы намагаючыся сагрэцца, засоўваў далоні пад пахі. Максім паклаў яго галаву сабе на калені, прыціснуў яму пальцамі віскі і пастараўся засяродзіцца. Яму даўно не даводзілася рабіць псыхамасаж, але ён ведаў, што галоўнае — адцягнуцца ад усяго, засяродзіцца, уключыць хворага ў сваю, здаровую, сыстэму. Так ён сядзеў хвілін дзесяць ці пятнаццаць, а калі ачуўся, то ўбачыў, што Гаю лепш: твар паружавеў, дыханьне стала роўным, ён больш ня мерзнуў. Максім зладзіў яму падушку з травы, пасядзеў некаторы час, адганяючы камароў, а потым згадаў, што ім жа яшчэ ехаць і ехаць, а рэактар ​​цячэ, для Гая гэта небясьпечна, трэба штосьці прыдумаць. Ён падняўся і вярнуўся да танка.