Читать «Населены востраў» онлайн - страница 133

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

— На поўдзень! — крыкнуў Максім. — Хопіць зь мяне тваёй гасьціннай айчыны!

— Уцёкі?!

— Так!

— Ты з ґлузду зьехаў! Табе падаравалі жыцьцё!

— Хто гэта мне падараваў жыцьцё?! Жыцьцё маё! Належыць мне!

Размаўляць было цяжка, даводзілася крычаць, і неяк міжволі, замест сяброўскай гутаркі, атрымлівалася сварка. Максім саскочыў у люк і паменшыў абароты. Танк пайшоў павольней, але больш ня роў і ня ляскаў так гучна. Калі Максім вылез назад, Гай сядзеў насуплены і рашучы.

— Я абавязаны цябе вярнуць, — абвясьціў ён.

— А я абавязаны цябе адсюль уцягнуць, — абвясьціў Максім.

— Не разумею. Ты зусім зьехаў з ґлузду. Адсюль уцячы немагчыма. Трэба вярнуцца... Масаракш, вяртацца табе таксама нельга, цябе расстраляюць... А на поўдні нас зьядуць... Каб ты прапаў са сваім вар’яцтвам! Зьвязаўся я з табой, як з фальшывай манэтай...

— Пачакай, не крычы, — сказаў Максім. — Дай я табе ўсё растлумачу.

— Не жадаю нічога слухаць. Спыні машыну!

— Ды пачакай ты, — угаворваў Максім. — Дай распавесьці!

Але Гай не жадаў, каб яму распавядалі. Гай вымагаў, каб гэтая незаконна выкрадзеная машына была неадкладна спыненая і павернутая ў зону. Максіма два, тры і чатыры разы абазвалі дурнем. Лямант «масаракш» перакрываў шум рухавіка. Становішча, масаракш, было жахлівым. Яно было бязвыхадным, масаракш! Наперадзе, масаракш, была верная сьмерць. Ззаду, масаракш, таксама. Максім быў заўсёды стоўбнем і псыхам, масаракш, але гэтая яго выхадка, масаракш, трэба меркаваць, апошняя, масаракш-і-масаракш...

Максім не перашкаджаў. Ён раптам уцяміў, што поле апошняй вежы, відавочна, канчаецца недзе тут, хутчэй за ўсё — ужо скончылася, апошняя застава мае знаходзіцца на самай мяжы крайняга поля... Няхай вымаўляецца, на населеным востраве словы нічога ня значаць... лайся, лайся, а я цябе выцягну, няма чаго табе там рабіць... Трэба з кагосьці пачынаць, і ты будзеш першым, не хачу, каб ты быў лялькай, нават калі табе гэта падабаецца — быць лялькай...

Аблаяўшы Максіма ўдоўж і ўпоперак, Гай саскочыў у люк і стаў там валтузіцца, спрабуючы спыніць машыну. Гэта яму не ўдалося, і ён выбраўся назад, ужо ў касцы, вельмі маўклівы і дзелавіты. Ён відавочна зьбіраўся саскочыць і сысьці назад. Ён быў вельмі сярдзіты. Тады Максім спаймаў яго за штаны, пасадзіў поруч і пачаў тлумачыць становішча.

Ён гаварыў больш за гадзіну, перарываючыся часам, каб выраўнаваць рух танка на паваротах. Ён гаварыў, а Гай слухаў. Спачатку Гай спрабаваў перабіваць, парываўся саскочыць на хаду, затыкаў вушы, але Максім гаварыў і гаварыў, паўтараў адно і тое ж зноў і зноў, тлумачыў, даводзіў, пераконваў, і Гай, нарэшце, пачаў прыслухоўвацца, потым задумаўся, засумаваў, залез абедзьвюма рукамі пад каску і шпарка пачухаў шавялюру, потым раптам сам перайшоў у наступ і пачаў дапытваць Максіма, адкуль усё гэта стала вядома і хто дакажа, што ўсё гэта не хлусьня, і як можна ва ўсё гэта паверыць, калі гэта відавочная выдумка... Максім біў яго фактамі, а калі фактаў не хапала, кляўся, што кажа праўду, а калі і гэта не дапамагала, называў Гая дубінай, лялькай, робатам, а танк усё йшоў і йшоў на поўдзень, усё глыбей зарываючыся ў краіну мутантаў.