Читать «Мікола Аўрамчык» онлайн - страница 6

Успаміны

Здаралася, я таксама не мог зразумець, чаго яшчэ хоча дамагчыся ад слова незадаволены зробленым паэт, які нават у невялічкім вершы, здавалася б, ужо дасягнуў немагчымага, усебакова і да канца абыграўшы кожную дэталь і кожны вобраз.

Аднойчы ў Каралішчавіцкім доме творчасці Аркадзь Куляшоў даў мне паглядзець збоку сваімі вачыма толькі што напісаную ім рэч, якая, як ён казаў, давалася яму з цяжкасцю і ў якой ён яшчэ не поўнасцю рэалізаваў усяе задумы. Гэта быў лірычны верш «Завея лісцяў у сняжынак пух». Я некалькі разоў уважліва перачытаў чысты машынапісны тэкст. Верш не мог не спадабацца: ён кранаў ажыўленай маляўнічасцю прыроды і падкупляў філасофскай афарыстычнасцю думкі. У дадатак мне вельмі імпанаваў яго паэтычны на­строй, які атаясамліваўся з той парою года: за акном у паветры кружылася апошняе пажоўклае лісце і белыя матылі першых сняжынак.

Здавалася, «як быццам я... рэгуліроўшчык каруселі гэтай», нібыта «завея лісцяў у сняжынак пух перацвітае пад маім паглядам» — і ўжо не паэт, а «як быццам я камандую парадам, спатканнем дзвюх варожых завірух, змаганнем снегападу з лістападам!».

Я быў у захапленні ад верша і сказаў, што не разумею, чаго ў ім яшчэ хоча дамагчыся ад сло­ва аўтар. Аркадзь Аляксандравіч незадаволена паморшчыўся і сказаў, што ён чакаў, ці не заўважу я, менавіта чаго яшчэ не хапае ў гэтай рэчы.

Вядома, адразу я не змог запомніць верш на памяць. Калі праз пару год ён з’явіўся ў «ПолыMi» сярод вялікай нізкі, я шмат разоў чытаў і пе-

рачытваў яго, марна намагаючыся ўстанавіць, што ж у ім перарабляў паэт. А ў тым, што ён яшчэ дапрацоўваў тэты верш, я цвёрда перакананы і нават ніколькі не сумняваюся.

Мне добра запомніўся перадваенны куляшоўскі зборнік «Мы жывём на граніцы», які рэдагаваў Міхась Лынькоў. Думаю, што не толькі я быў здзіўлены, калі пасля вайны паэт нанава перапісаў з гэтай кнігі паэму «Песня аб разведчыках», назваў яе «Песняй аб слаўным паходзе» і надрукаваў у «Беларусі».

Толькі сапраўдны мастак па загаду ўласнага сэрца здольны адважыцца на такі самаахвярны ўчынак. Дарэчы, другі наш вядомы паэт, які не вельмі любіў важдацца са словам і выслухоўваць заўвагі таварышаў, шпацыруючы са мной каралішчавіцкімі палямі і ўзлескамі, раўніва і недаўменна здзіўляўся ўголас, навошта Аркадзь Куляшоў займаецца непатрэбным перапісваннем. Няўжо яму няма чаго рабіць?

Відаць, у кожнага майстра свой шлях да ўдасканалення зробленага: у аднаго ён — бясконцы, а ў другога мае пэўныя межы.

Перад вайною я, як і некаторыя іншыя студэнты-філолагі, ведаў на памяць куляшоўскі верш «Чараўніца», пад якім у тым жа вышэйназваным зборніку паэта стаяла дата — 9.5.1937 г. У пасляваенным чатырохтомніку Аркадзя Куляшова ў гэтым вершы зусім апушчаны другая, трэцяя і восьмая строфы і крыху зменена дата натсання — 1937—1938 гг.