Читать «Мікола Аўрамчык» онлайн - страница 5

Успаміны

Я прадаўжаў працу над нізкай. Закончыў яшчэ некалькі рэчаў і напісаў верш «Беларуская сасна». Верш быў прыкладна ў такой жа рэдакцыі, якая вядома чытачу.

Прыйшоў да Аркадзя Куляшова. У кватэры было халаднавата. Мы абодва, каб сагрэцца, хадзілі па пакоі, спыняліся, прыхіналіся спінамі да грубкі, каля якой на ложку, скідваючы з сябе коўдру, сукаў нагамі маленькі Саша...

Аркадзь Аляксандравіч, стоячы побач са мной каля грубкі, прачытаў некалькі разоў «Беларускую сасну».

— Па-мойму, нічога сабе верш атрымаўся,— сказаў ён.— Ты толькі прыгледзься ўважліва: прадапошняя страфа ў ім, відаць, лішняя...

У вершы была яшчэ адна нейкая страфа, дзе рыфмавалася «з золата літая — тая»... Я выкінуў яе, паслухаўшы Аркадзя Аляксандравіча.

Аркадзь Куляшоў радаваўся творчым поспехам сваіх малодшых калег. Менавіта ён прывёз мне з Масквы прыемную вестку аб тым, што некаторыя вядомыя паэты звярнулі там увагу на мае данбаскія вершы і перакладаюць іх на рускую мову. Аркадзь Аляксандравіч цікавіўся, ці ёсць у мяне новыя вершы. Ён хацеў узяць іх з са­бою, бо неўзабаве павінен быў зноў ехаць у Маскву.

Аркадзь Куляшоў умеў падтрымаць аўтара ў часіну творчага расчаравання. У мяне марудна пісалася паэма «Землякі». Чым даўжэй я працаваў над ёю, тым болей расчароўваўся працаю. Закончаная, яна чамусьці таксама не задавальняла.

Я вырашыў, каб такі выдатны майстра паэмы, як Аркадзь Куляшоў, паглядзеў мой твор і вынес яму свой прысуд. Аркадзь Аляксандравіч прачытаў паэму, выказаў свае думкі аб ёй, даў нямала канкрэтных заўваг і параіў друкаваць яе. Але, відаць, па маім знешнім выглядзе адчуў маю збянтэжанасць, бо нетаропка падышоў да кніжнай паліцы, узяў з яе свой салідны аднатомнік у цёмна-

карычневаи вокладцы і, доуга не думаючы, на* пісаў на ім: «Міколу Аўрамчыку — добраму знаўцу і выканаўцу паэтычнага слова — на шчыры ўспамін».

Мне, вядома, лесціць такі надпіс любімага паэта, хаця я разумею, што выдадзены ён авансам і болей дзеля таго, каб падтрымаць мяне ў часіну творчай разгубленасці.

Пасля вайны я неаднойчы прыходзіў да Аркадзя Куляшова са сваімі вершамі. А калі выйшаў з друку мой першы зборнік, я надпісаў яго Арка­дзю Аляксандравічу, як аднаму з першых настаўнікаў і рэдактараў.

За трыццаць пяць гадоў працы ў нашых перыядычных літаратурных выданнях я не ведаў, здаецца, ні аднаго беларускага паэта, які з такой патрабавальнасцю, як Аркадзь Куляшоў, ставіўся б да слова. Можа, таму, што ён не спяшаўся здаваць у друк напісанае, пры друкаванні сваіх твораў паэт рэдка ўносіў у карэктуру папраўкі. Але затое калі ўжо выпраўляў які-небудзь радок або замяняў хоць адно слова, дык заўсёды рабіў гэта ўласнаручна, не перадавяраючы нікому з рэдакцыйных супрацоўнікаў і не дыктуючы па те­лефоне. Бывала, зробіць папраўку ды яшчэ потым, як пойдуць з машыны аркушы, абавязкова прасочыць, ці правільна друкуецца выпраўленае.

У першыя пасляваенныя гады, калі часопісы і без таго спазняліся, гэтая звычка паэта раздражняла тэхрэдаў і дзяжурных.

Аркадзь Куляшоў да самазабыцця любіў важдацца са словам, як гранілынчык, варочаючы і шліфуючы яго да тае пары, пакуль яно не ззяла і не адсвечвала з усіх бакоў разнастайнымі колерамі і адценнямі. За натуральнай прастатою і празрыстасцю куляшоўскіх радкоў нават дасведчанаму цяжка разгледзець ювелірную працу выдатнага майстра.