Читать «Мікола Аўрамчык» онлайн - страница 4

Успаміны

Аднойчы я прыйшоў да яго з вершамі. Ён прачытаў іх, выказаў заўвагі... Відаць, сярод вершаў не было нічога цікавага. Бо Аркадзь Аляксандравіч сказаў:

— Нядаўна быў у мяне Аркадзь Гейнэ... Напісаў добры верш — «Шчаслівая зорка»...

У душы я пазайздросціў свайму таварышу... Пасля, сустрэўшыся з Аркадзем Гейнэ, расказаў яму пра гэта. А ён здзівіўся дый кажа:

— Аркадзь Куляшоў не хваліў мне верш... Ён толькі сказаў, што гэта прыстойная рэч, якую варта друкаваць...

Потым тэты верш быў надрукаваны, і Аркадзь Гейнэ выдаў першы зборнік, які так і называўся — «Шчаслівая зорка».

Некаторы час Аркадзь Куляшоў вучыўся ў нашым педінстытуце. Асабіста для мяне гэта былі самыя цікавыя дні майго юнацтва. Часта на перапынках мы сустракаліся, хадзілі па калідоры, шмат гаварылі пра паэзію.

Тады друкаваліся ў часопісах вершы Аляксандра Твардоўскага з яго будучай кнігі «Сель­ская хроніка».

Узрушаны і зачараваны паэмай «Краіна Муравія», я да гэтых вершаў ставіўся з нейкім непаразуменнем. Помню, з якім гарачым запалам іх прапагандаваў і расхвальваў Аркадзь Куляшоў.

Цяпер, калі перачытваю тыя вершы — «Пра Данілу», «Вярбінка», «Дзед Даніла ў лазні», «Як Даніла паміраў» — я прыгадваю даўнія размовы і пераконваюся ў тым, наколькі меў рацыю Ардзь Аляксандравіч.

Хадзіў я на кансультацыю да Аркадзя Куляшова таму, што ён адзін з маіх любімых паэтаў. Дарэчы, паяўленне яго нізкі «Юнацкі свет» было надзвычайнай падзеяй у нашай паэзіі для майго пакалення. Я быў так уражаны гэтымі вершамі, што яшчэ і цяпер помню, як яны паявіліся: спачатку ў «ЛіМе», а пасля дзвюма публікацыямі на працягу нейкага года — у «Полымі рэвалюцыі».

Разам з іншымі пісьменнікамі Куляшоў прыходзіў да нас у педінстытут на літаратурныя вечары. Студэнты любілі яго вершы з нізкі «Юнацкі свет». Аднойчы па іх просьбе паэт чытаў на памяць вершы «Млын» і «Ранак» і забыўся нейкія радкі. Студэнты з залы падказвалі гэтыя мясціны.

Вершы Аркадзя Куляшова вельмі любіў і ча­сам чытаў на памяць Мікола Сурначоў. Мне та­ды здавалася, што пад уражаннем нізкі «Юнацкі свет» ён напісаў сваю нізку «Барвовая зара».

Рэдакцыя «Чырвонай змены», у якой я працаваў пасля вайны, зацікавілася, якія творчыя пла­ны ў Аркадзя Куляшова на новы, 1947 год. Я наведаў паэта, і ён размашыстым почыркам напісаў коратка пра гэта.

Між іншым, там былі і такія радкі: «...калі дазволіць час, думаю пачаць працаваць над паэмай «Зорка Канікула».

Гэта была задума паэмы, якую ён напісаў неўзабаве, але назваў яе чамусьці «Толькі ўперад»...

У той час я працаваў над нізкай «Легенда пра залатую зямлю». Памятаю, як я прыйшоў да Ар­кадзя Куляшова з некалькімі данбаскімі вершамі. Жыў ён па Ульянаўскай вуліцы, у чырвоным цагляным доме, насупраць цяперашняга стадыёна.

Аркадзь Аляксандравіч уважліва прачытаў вершы. Яны яму спадабаліся. Ён выказаў паасобныя заўвагі па радках... Мы доўга сядзелі ў яго кабінеце. У час размовы ён прызнаўся, што некалі сам хацеў напісаць пра тое, як мацуецца столь у шахце, дзе выбіраюць вугаль. I параіў мне паспрабаваць напісаць штосьці пра гэта для данбаскай нізкі...