Читать «Мікола Аўрамчык» онлайн - страница 2

Успаміны

Да гэтага часу помню выступление Змітрака Бядулі. Ён папрасіў слова, устаў і пачаў падрабязна разглядаць і крытыкаваць апавяданні, адзначыўшы, што Левановічу дапамаглі зрабіць першую кнігу, а ён цяпер паспяшаўся здаць у вы­давецтва сырыя творы, над якімі трэба яшчэ шмат працаваць.

Змітрок Бядуля гаварыў усё гэта з нейкім болем і шкадаваннем, з пранікнёнай сумленнасцю...

Пасля гэтага выступления ён здаўся мне яшчэ больш дэманічным.

Аднойчы вясной у нашым інстытуце, які знаходзіўся тады ў глыбіні двара па вуліцы Карла

Маркса, у будынку, дзе цяпер размяшчаецца рэспубліканская камсамольская школа, нечакана адбылася сустрэча студэнтаў са Змітраком Бядулем. Не было ніякіх афіш. Надвячоркам сакратар камітэта камсамола факультэта аб явіў у чытальні, што праз некалькі хвілін у актавай зале будзэ выступаць Змітрок Бядуля. I пачаў угаворваць мяне, каб я таксама выступіў. Я страшэнна спалохаўся, бо пасля абмеркавання кнігі Паўла Левановіча ў мяне склалася ўражанне, што Змітрок Бядуля чалавек вельмі суровы, патрабавальны і строгі... Дый што чытаць студэнту перад вядомым пісьменнікам?..

Але здарылася так, што ў той адвячорак у чытальні не было нікога іншага з нашых пачаткоўцаў і сакратар не адышоў, пакуль не атрымаў маю згоду. Ён пераканаў мяне тым, што сам Змітрок Бядуля просіць, каб хто-небудзь з нашых пачаткоўцаў абавязкова выступіў разам з ім...

Калі мы ўтрох, пад воплескі студэнтаў выйшлі ў прэзідыум, на душы маёй было такое адчуванне, быццам мяне пад канвоем прывялі на суд.

Змітрок Бядуля таксама трымаўся неяк разгублена і нясмела.

Я ўвесь час, пакуль ён выступаў, сядзеў, як на гарачым вуголлі. Пятае цераз дзесятае чуў з таго, пра што ён гаварыў... Ён расказваў пра сваю працу над аповесцю «Сярэбраная табакер­ка». Чытаў з яе ўрыўкі. Адказваў на пытанні студэнтаў...

Калі далі слова мне, я па памяці прачытаў верш «Вяснушкі», які значна перапрацаваны мною пасля вайны, і верш пра тое, як хлапчукі ловяць таптухай у рачулцы рыбу, а дарослыя кпяць з іх, што яны вытапчуць усю ваду і не будзе дзе пакупацца...

Змітрок Бядуля не адпусціў мяне ад сябе. Распытваў, адкуль я родам, дзе вучыўся да інстытута... Потым запрасіў прайсціся з ім. Я саромеўся, але мне было прыемна ісці з ім па горадзе.

Якраз напярэдадні, прыкладна за месяц да гэтага, у «ЛіМе» было змешчана апавяданне Змітрака Бядулі пра Максіма Багдановіча. Пад апавяданнем стаяла зноска, што пісьменнік збіраецца надрукаваць нізку апавяданняў пра паэта. Пра Багдановіча тады не паяўляліся ў друку матэрыялы, напісаныя людзьмі, якія яго асабіста ведалі. Таму апавяданне надзвычай уразіла студэнтаў.

Я сказаў пра гэта Змітраку Бядулю і пацікавіўся, ці хутка будуць надрукаваны астатнія творы з гэтай нізкі.

I раптам Змітрок Бядуля збянтэжыў і зусім абяззброіў мяне. Разгублены, ён сказаў, што нават не ведае, аб чым будзе пісаць далей дый ці будзе наогул пісаць больш пра Максіма Багдановіча.

Я спахапіўся і адразу ж перавёў гаворку на «Сярэбраную табакерку». Я ведаў, што гэта аповесць даўно ляжыць на стале ў рэдактара нашай газеты. У той час з друкаваннем яе была нейкая затрымка...